Учора прайшла сустрэча гарадзкога экалагічнага камітэта з грамадзкасьцю па пытаньнях вырубкі дрэваў. Актыўна абмяркоўвалася і спілоўваньне акацыяў на тэрыторыі Новага замку.
На сустрэчы прысутнічалі 4 чыноўнікі, вёў яе начальнік гарадзенскай гарадзкой інспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя Андрэй Лубін, а таксама 8 прадстаўнікоў грамадзкасьці – краязнаўца Ігар Лапеха, біёлагі і журналісты.
Паводле акту, “Зелянбуд” прызнаў 8 акацый і 2 елкі каля Новага замку аварыйнымі, якія падлягалі спілоўваньню. Што супрацоўнікі “Зелянбуду” і зрабілі, пакінуўшы толькі 1 акацыю і елкі. Чыноўнікі лічаць, што ўсё адбылося па законе – дрэвы спілавалі з-за іх нежыццяздольнасьці. Аднак інспекцыя, якая гэта вызначала на месцы, зрабіла заключэньне ў адзін момант, выключна па зьнешнім выглядзе, што нерэальна, даводзілі біёлагі.
На думку Ігара Лапехі, трэба сфармаваць экспертную камісію з прафэсыяналаў, людзей, якія не ўваходзяць у структуру “Зелянбуду” і пры ацэнцы будуць клапаціцца пра званьне прафэсыяналаў, а не пра кан’юнктурныя інтарэсы фірмы.
- Мы агучылі гэтую ідэю, чыноўнікі адказалі, што трэба, каб грамадзкасьць зьвярнулася да гарадскога савета. Пазіцыя чыноўнікаў пасіўная, яны кажуць пра тое, што маюць вузкую кампетэнцыю, і таму не могуць адказваць.
На мой погляд, чыноўнікі мусяць больш цікавіцца сваёй кампетэнцыяй. Наступная праблема ў тым, што ў горадзе ёсць шмат аб’ектаў, якія мусяць атрымаць статус помнікаў прыроды і ахоўвацца адпаведным чынам. Але зноў жа, чыноўнікі ў гэтым незацікаўленыя.
Яны кажуць, што, калі грамадзкасьць знойдзе грошы на даволі дарагую навуковую экспертызу, аформіць дакументы, то яны іх прымуць і зацьвердзяць або не.
Па закону, грамадзкасьць павінна папярэдне інфармавацца пра вырубку дрэваў, мусіць быць папярэдняе абмеркаваньне.
Чыноўнікі здымаюць з сябе гэтую кампетэнцыю – гэта павінны рабіць заказчыкі, то бок тыя ўстановы, якія замаўляюць таму ж “Зелянбуду” спілоўваць дрэвы - рабіць аб’явы, сходы і абмеркаваньні.
У выпадку з вырубкай дрэваў каля Новага замку закон якраз парушаны – дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея не праінфармаваў і не абмеркаваў вырубку акацыяў, тым больш у такім месцы.
Чыноўнікі пагадзіліся, што парушэньне было, але пакараньня па ўсім відаць ніякага ня будзе.
На пытаньне грамадзкасьці, чаму сустрэча па абмеркаваньні спілаваных акацыяў ладзіцца пасьля, а не папярэдне, чыноўнікі адказалі, што гэта не зьяўляецца магчымым.
Большасьць зададзеных грамадзкасьцю пытаньняў засталася без дакладных адказаў – чыноўнікі толькі прыводзілі артыкулы беларускага заканадаўства.
Паводле http://t-styl.info