В какой кампании по защите общественых интересов Вы бы хотели принять участие?

Показаны сообщения с ярлыком 193. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком 193. Показать все сообщения

пятница, 22 января 2010 г.

193.1 НЕ ЗЬБІРАЮЦЦА АДМЯНЯЦЬ

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у межах бліжэйшай сэсіі не плянуюць разглядаць пытаньне аб дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 КК. Такі адказ атрымалі ўдзельнікі гэпэнінгу Сьнягурак і навагодніх зайцоў ад старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Віктара Гумінскага.

Нагадаем, 22 сьнежня пераапранутыя ў Сьнягурак і навагодніх зайцоў грамадзкія актывісты спрабавалі аднесьці ў парлямант заяву з патрабаваньнем скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэксу. Але дэпутаты падобнаму навагодняму падарунку ня ўзрадаваліся: на падыходзе да будынку група невядомых у цывільным перашкодзіла ўдзельнікам мерапрыемства. У Дом ураду ўдалося прарвацца адзінай Сьнягурцы, якая і пакінула заяву для дэпутатаў.

Днямі на імя адной з удзельніцаў прыйшоў адказ з Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы. У лісьце за подпісам Віктара Гумінскага паведамляецца, што на дадзены момант “як у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, так і ў дзяржаўных органах выканаўчай улады адбываецца вывучэньне умоваў дэкрыміналізацыі асобных крымінальных дзеяньняў, у тым ліку і прадугледжаных артыкулам 193.1 КК”. Нягледзячы на падобныя абяцаньні, Парлямэнт ня будзе раглядаць пытаньне аб скасаваньні артыкула 193.1 КК. Гэты факт Віктар Гумінскі абгрунтаваў тым, што “ніводны з суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы ня ўнес адпаведны законапраект у Парлямэнт”.

Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, які на гэпэнінгу прадстаўляў рух Дзядоў Марозаў, такі адказ дэпутата зьдзіўляе. “Дзіўна чуць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чакаюць, калі нехта дашле ім нейкія прапановы. Наколькі памятаецца, заканадаўчым органам у нас зьяўляецца Парлямэнт. Там ёсьць і камісія па законатворчай дзейнасьці, прадстаўнікі якой заўсёды самі распрацоўвалі законапраекты. Паколькі часу для вывучэньня практыкі было дастаткова, заклікаю спадара Гумінскага самому ініцыяваць разгляд пытаньня аб дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 у Парлямэнце” , -- зазначыў Валянцін Стэфановіч.

“Становіцца абсалютна відавочна, што ўсе папярэднія заявы пра адмену 193.1, якія рабіліся чыноўнікамі ў часе разгортваньня Ўсходняга партнэрства, толькі блеф перад Захадам, і мы цяпер атрымалі гэтаму пісьмовае пацьверджаньне” -- камэнтуе Алёна Валынец, каардынатарка кампаніі «Стоп 193.1!»

Даведка. Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Падобнае мерапрыемства, толькі з удзелам Дзядоў Марозаў, адбылося ў кастрычніку мінулага году. Удзельнікі акцыі аднесьлі заяву ў Генэральную пракуратуру, у якой ня толькі прызналіся ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага пэрыяду, але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе». Генэральная пракуратура не зразумела гумару і папярэдзіла Дзядоў Марозаў пра магчымае прыцягненьне да адказнасьці у выпадку выяўленьня зьвестак аб сыстэматычным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

суббота, 12 декабря 2009 г.

ПЫТАНЬНЕ АДМЕНЫ АРТЫКУЛА 193-1 ЗАСТАЕЦЦА АДКРЫТЫМ, КАНСТАТУЮЦЬ ПРАВААБАРОНЦЫ

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведаміла пра магчымасьць дэкрыміналізацыі артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу (у адказе на заяву юрыста-праваабаронцы з Берасьцейскай вобласьці Уладзміра Малея). Але прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці краіны адзначаюць, што перанос адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў з крымінальнага заканадаўства ў сфэру адміністратыўнага цалкам праблемы не вырашае.

Як падкрэслівае сябра ПЦ “Вясна” Валяньцін Стэфановіч, гэты крымінальны артыкул не адпавядае ня толькі Канстытуцыі, але і міжнародным прававым дакумэнтам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

- І Праваабарончы цэнтр “Вясна” і іншыя прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі лічылі і лічым, што артыкул 193-1 не адпавядае ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ні Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Што датычыцца пераносу яго ў адміністратыўную сфэру, то трэба адзначыць, што адміністратыўная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў таксама, на нашую думку, не вырашае пытаньня канчаткова. Забарона на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў павінна быць зьнятая ў прынцыпе. Паколькі наша Канстытуцыя дакладна фармулюе абмежаваньні ў ажыццяўленьні свабоды асацыяцыяў у Беларусі. Там напісана, што недапушчальная дзейнасьць арганізацыяў і палітычных партыяў, якія прапагандуюць гвалт, расавую, рэлігійную, сацыяльную варожасьць. Адпаведна, дзейнасьць толькі такіх арганізацыяў можа быць забароненая ў Беларусі, - кажа В.Стэфановіч.

Паведамленьне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў - гэта ўжо чацьверты афіцыйны адказ на пытаньне адносна адмены і дэкраміналізацыі артыкула 193-1. Упершыню пра разгляд пытаньня пра адмену 193-1 ці яго замену на адміністратыўную адказнасьць намесьнік міністра юстыцыі Тушынскі паведаміў сябрам зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “За вольную Беларусь” у адказе на іх зварот у міністэрства. Затым гэтая інфармацыя была агучаная прадстаўніком мінюсту Сьліжэўскім на канфэрэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэньні ў верасьні гэтага году. Пра магчымасьць адмены гэтага крымінальнага артыкула казала і першая намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч падчас сустрэчы з экспэртамі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы унівэрсальнага пэрыядычнага дакладу.

- Мы і надалей будзем уважліва сачыць за сытуацыяй і спадзяемся, што наступным крокам уладаў стане адмена адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у прынцыпе. І беларускія няўрадавыя арганізацыі, якія ў межах Асамблеі НДА зараз праводзяць кампанію “Стоп 193-1”, будуць змагацца да перамогі – калі гэты артыкул будзе адменены і выняты з дзеючага Крымінальнага кодэксу. Пакуль нічога ня чулі пра тое, што падрыхтаваны нейкі законапраект пра зьмены у Крымінальным кодэксе, адмену артыкула 193-1 і унясеньне адпаведных зьменаў у адміністратыўны кодэкс. Таму пакуль што пытаньне адмены гэтага артыкула застаецца адкрытым, - дадаў В.Стэфановіч.

Па зьвестках Асамблеі НДА, агулам за пэрыяд 2006-2009 гг. праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных па артыкуле 193-1 за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў. Апраўдальных прысудаў зафіксавана не было.

пятница, 11 декабря 2009 г.

ДЗЯДЫ МАРОЗЫ-НЕЛЕГАЛЫ ЦЯПЕР У МУЛЬТАХ

Асамблея НДА сустрэла чацьвертую гадавіну прыняцьця у Крымінальны
кодэкс паправак, якія ўвялі адказнасьць за дзейнасьць ад імя
незарэгістраваных арганізацыяў – да 2-х гадоў зьняволеньня,
стварэньнем мультфільма. 2-га сьнежня ў Інтэрнэце зьявіўся новы
сатырыстычны відэакліп, які высьмейвае наяўнасьць артыкула 193.1
(дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Паводле сюжэту мультымэдыйнага роліка, Дзяды Марозы сьпяшаюцца да
дзяцей са сваёй штогадовай высакароднай місіяй. Аднак ня ўсё проста ў
краіне, дзе любая грамадзкая дзейнасьць можа быць пакараная. Ці
ўбачаць дзеткі навагоднія падарункі і што можа стаць зь Дзядамі
Марозамі – глядзіце па спасылцы: http://193.belngo.info/view.pl/mult

Нагадаем, 2 сьнежня 2005 году ў другім чытаньні Палата прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў Крымінальны і
Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія ўзмацнілі адказнасьць “за
дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека й грамадзкай бясьпекі”. Прыняты
напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году новы крымінальны артыкул
193.1 быў неадкладна задзейнічаны для барацьбы зь непажаданымі для
ўладаў арганізацыямі. З моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне
крымінальная адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных
аб’яднаньнях, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым
ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.

Стварэньне ролікаў ажыцьцяўляецца ў межах кампаніі “Стоп 193.1”,
ініцыяванага Асамблеяй НДА. Раней на сайце арганізацыі былі зьмешчаныя
мульфільмы ды іншае відэа, прысьвечаныя ганебнаму артыкулу.
Мультымэдыйныя кліпы паказваюць абсурднасьць прымяненьня артыкула
193.1 у дачыненьні да актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў. Іх
героі – бабулькі-зьбіральніцы грыбоў і студэнты напярэдадні іспытаў –
трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў як прадстаўнікі
незарэгістраванай арганізацыі.

Кампанія Асамблеі НДА “Стоп 193.1” будзе працягвацца да поўнай адмены
адыёзнага артыкула.

понедельник, 30 ноября 2009 г.

Генэральная пракуратура адказала Дзядам Марозам

У выпадку ўстанаўленьня дадзеных аб сыстэмным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасьці. Пра гэта паведамляецца ў лісьце Генэральнай пракуратуры за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў П.У. Радыёнава.

Нагадаем, у кастрычніку група Дзядоў Марозаў добраахвотна здалася ў генэральную пракуратуру. Удзельнікі хэпенінгу аднесьлі заяву, у якой ня толькі прызналіся ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага пэрыяду, але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе». Маўляў, штогод Дзяды Марозы «арганізоўваюць сьвяткаваньні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджваюць калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаюць на сходах, у сродках масавай інфармацыі зь віншаваньнямі й найлепшымі пажаданьнямі”.

У лісьце да Дзедаў Марозаў супрацоўнікі пракуратуры ў чарговы раз нагадалі, што дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца. А таксама адзначылі, што “пры ўстанаўленьні дакладных дадзеных аб сыстэмным і арганізаваным удзеле грамадзянаў у незаконнай дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб'яднаньня” можа быць разгледжанае пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці.

Разам з тым, як заўважае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, у сваім лісьце пракуратура не зьвярнула ўвагу на яўку з павіннай Дзядоў Марозаў. “Па сутнасьці, мы тут бачым простае выкладаньне нормаў беларускага заканадаўства аб грамадзкіх аб'яднаньнях. На мой погляд, пракуратура вырашыла не разглядаць прававую сытуацыю, якая паўстала ў выніку гэткай дэманстрацыі абсурднасьці артыкула 193-1”, - зазначыў Юрый Чавусаў. “Зь іншага боку, -- мяркуе юрыст, -- пракуратура адзначае, што пры наяўнасьці сыстэмнага і арганізаванага супрацоўніцтва грамадзянаў у незарэгістраваных арганізацыях праваахоўныя органы могуць прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Так што з фармальнага пункту гледжаньня пытаньне аб крымінальнай адказнасьці Дзедаў Марозаў напэўна зноў паўстане бліжэй да Новага Году”.

Нагадваем, што па артыкуле 193.1 (“Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці”) за 4 гады было асуджана 17 чалавек. Артыкул працягвае дзейнічаць.

http://193.belngo.info

Грамадзкая кампанія "Стоп 193.1!"

Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда – да 2-х гадоў турмы.

Наяўнасьць артыкула 193.1 перашкаджае нармальнаму разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў краіне, асабліва з улікам складанай (прычым складанасьць гэтая штучная і наўмысная) працэдуры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Ён трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў. Парушае права грамадзянаў на аб'яднаньне і супярэчыць Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншым міжнародным прававым абавязкам, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь. І сваёй жа Канстытуцыі, урэшце рэшт, якая артыкулам 36 замацоўвае права кожнага на свабоду аб'яднаньняў.

Крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі існуе таксама ў Туркменістане, Таджыкістане, Кітаі, Паўночнай Карэі.

З часу ўвядзеньня новага артыкула ў Крымінальны кодэкс (15.12.2005) прайшло амаль 4 гады. Асуджаныя 17 чалавек. Асноўная колькасьць прыцягненьняў паводле артыкулу прыпала на 2006 (9 чалавек) і 2007 (6 чалавек) гады, што тлумачыцца гарачым перад- і пасьлявыбарчым пэрыядам. У 2008 і 2009 гадох паводле артыкулу былі пакараныя па адным чалавеку. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Беларусі у цяперашні момант актыўна заляцаецца да Захаду – адмяняць ганебны артыкул 193.1 намераў, наколькі відаць, няма. Больш за тое, ён працягвае ўжывацца. Толькі ў гэтым годзе да адказнасьці па артыкуле быў прыцягнуты адзін чалавек, нядаўна распачалася новая права па артыкуле 193-1 КК Рэспублікі Беларусь супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі.

Прыканцы красавіка гэтага году зь ініцыятывы Асамблеі НДА – аб'яднаньня больш як 250 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў - распачалася кампанія “Стоп 193.1”.

Кампанія мае на мэце дабіцца скасаваньня артыкула 193.1 праз ціск на ўлады і ўплыў на міжнародныя інстытуцыі, супольныя дзеяньні, інфармаваньне насельніцтва аб праблеме.

Вы можаце далучыцца да кампаніі, адаслаўшы зварот у Палату Прадстаўнікоў з патрабаваньнем неадкладна выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1 і скасаваць забарону на дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў ва ўсіх актах заканадаўства Рэспублікі Беларусь. А таксама праз удзел у іншых ініцыятывах у межах кампаніі.

Да кампаніі далучаюцца і замежныя арганізацыі, якія высылаюць звароты ў дзяржаўныя органы Беларусі, а таксама зьвяртаюцца да ўрадаў сваіх краінаў дзеля таго, каб праінфармаваць іх аб існаваньні ў беларускім заканадаўстве дыскрымінацыйнага закону адносна грамадзянскай супольнасьці Беларусі і заклікаюць выкарыстаць магчымыя дыпляматычныя захады дзеля ўплыву на беларускае кіраўніцтва.

«Стоп 193.1» ўжо падтрымалі: Östgruppen (Швэцыя), FrontLine Defenders (Ірляндыя), Civil Belarus (Чэхія), Human Rights House Network.

Любыя прапановы да зьместу кампаніі для нас важныя. Але яшчэ больш важны ваш удзел і падтрымка!
Даведка:

У Беларусі працуе вялікая колькасьць незарэгістраваных арганізацыяў – некалькі соцень. Гэтыя арганізацыі займаюцца сацыяльнай, праваабарончай, спартовай, дабрачыннай дзейнасьцю, а таксама аховай навакольнага асяроддзя і абаронай меньшасьцяў. Такая сытуацыя склалася ў сувязі са звышскладанай працэдурай рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў ды існуючай практыкай незаконных і безпадстаўных адмоваў у рэгістрацыі. Так, напрыклад, моладзевай арганізацыі Малады Фронт адмаўлялі ў рэгістрацыі 3 разы, Праваабарончаму цэнтру «Вясна» - 3 разы (у тым ліку двойчы на працягу 2009 года), Беларускай Хрысіцянскай Дэмакратыі – 3 разы, Асамблеі НДА – 2 разы.

http://193.belngo.info/