В какой кампании по защите общественых интересов Вы бы хотели принять участие?

Показаны сообщения с ярлыком Защита Свяцка. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Защита Свяцка. Показать все сообщения

понедельник, 26 октября 2009 г.

Адказ Міністэрства культуры на прадмет Свяцка.




Гродзенскія гісторыкі, якія прасілі аднавіць зліўную сістэма палаца ў Свяцку, атрымалі адказ з Мінкульта.

З адказам можа пазнаёміцца кожны жадаючы, аднак, калі ў двух словах падсумаваць сэнс сказанага ў двухстаронкавым “мемарандуме”, то сфармуляваць яго можна коратка: зрабілі адпіску. На простую канкрэтную просьбу аднавіць зліўную сістэму палаца ў Свяцку, які развальваецца дзень за днём, Міністэрства культуры адгукнулася цэлым прапагандысцкім тэкстам, як захоўваецца архітэктурная спадчына ў Беларусі. Палац у Свяцку згадваецца там толькі тры разы, першы раз ва ўступе і два разы напрыканцы тэкста. А з самога дакумента мы даведваемся толькі, што сядзібныя ансамблі актыўна аднаўляюцца на Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Берасцейшчыне, хаця ўласна да Свяцка тое ніякага дачынення не мае.

Заканчваецца тэкст чаканай інфармацыяй пра тое, што палац спрабуюць перадаць санаторыю “Азёрны”. Падпісаны тэкст адказа не міністрам культуры П. Латушкам, якому быў адрасаваны зварот, а яго намеснікам Грыдзюшкам, з якім гарадзенцы знаёмыя даўно. Гэты памагаты гарадзенскіх “рэстаўратараў” нясе асабістую адказнасць за разбурэнне “Гарачага хлеба” на вуліцы Горкага, флігеля палаца адміністратара па вуліцы Горкага №2. Толку ад яго адпісак і абяцанак і так ніякага не было. Такім чынам спадзяванні на ўмяшальніцтва новага міністра культуры ў гарадзенскую сітуацыю разваліліся. Замест банальнай адноўленай трубы маем добра знаёмы крык аб тым, як усё суперова. Вакханалія рэзанёрства працягваецца.

Зварот гродзенскіх гісторыкаў да міністра культуры ў справе палаца ў Свяцку.

Пяць гродзенскіх гісторыкаў звярнуліся да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай выратаваць палац у Свяцку.

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь Латушку П.П.

Паважаны Павал Паўлавіч!

Звяртаемся да вас з гарачай просьбай прыняць асабісты ўдзел у выратаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці ІІ катэгорыі, палаца ў Свяцку XVIII ст. (Гродзенскі раён). Палацава-паркавы комплекс у Свяцку, пабудаваны для магнатаў Валовічаў італьянскім архітэктарам Дж. Сака, з’яўляецца ўнікальным помнікам свецкай архітэктуры барока ў маштабах усёй нашай краіны. Гэта бадай што адзіны твор Дж. Сака, які дайшоў да нас фактычна ў нязменным выглядзе. Большасць узведзеных ім будынкаў або загінулі, або былі вельмі моцна перабудаваны (Гродзенскі Новы Замак, будынкі Гарадніцы ў Гродне і інш). Унутры палаца захаваліся ўнікальныя інтэр’еры, аналагічных якім у Беларусі не існуе.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у будынках палаца размяшчаўся туберкулёзны санаторый. Яго кіраўніцтва падтрымлівала палац у здавальняючым стане, праводзячы ўсе неабходныя цякучыя рамонты. Тры гады таму туберкулёзны санаторый выселіўся з палаца, а яго будынкі былі перададзены на баланс упраўлення адукацыі Гродзенскага раёна. За мінулы час у палаца амаль поўнасцю разбурылася зліўная сістэма. Усё гэта прывяло да надзвычай імклівага разбурэння сцен палаца. Звонку па іх сцякае вада, а знутры сцены пакрыліся тоўстым слоем плесені і моху. Існуе пагроза для захаванасці інтэр’ераў.

Падобнае стаўленне да каштоўнейшага помніка архітэктуры можна патлумачыць элементарнай халатнасцю і безадказнасцю. Тое, што ўчора можна было аднавіць за некалькі мільёнаў беларускіх рублёў (аднаўленне зліўной сістэмы), сёння абыдзецца дзяржаве ў сотні тысяч даляраў (прасушка і рэстаўрацыя часткова разбураных сцен).

Аб паступовым разбурэнні палаца ведаюць спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны г. Гродна і вобласці, аднак ніякіх рэзультатыўных захадаў па прымушэнні адказнай арганізацыі да элементарнага догляду за палацавым комплексам не прымаюць.

Неабходна тэрмінова прыняць меры па аднаўленні зліўной сістэмы палаца ў Свяцку і правесці хоць бы элементарную кансервацыю разбураных сцен. У сучасным яго становішчы кожны моцны дождж абарочваецца для будынкаў комплекса сапраўднай катастрофай, а хуткія восеньскія і зімовыя дажджы зробяць будучую рэстаўрацыю палаца яшчэ на парадак даражэйшай.

Вельмі просім вас узяць справу пад свой асабісты кантроль, паколькі лічым, што палац у Свяцку – гэта цэнтральны аб’ект у будучай турыстычнай інфраструктуры у ваколіцах мястэчка Сапоцкін і зоне Аўгустоўскага канала. Цяперашні яго стан не робіць гонару для нашай краіны, паколькі ўсе турыстычныя групы (у тым ліку і замежныя), якія наведваюць Аўгустоўскі канал, на свае вочы бачаць разбурэнне палаца, якое ідзе ўсё больш хуткімі тэмпамі.

Андрэй Вашкевіч, гісторык, краязнаўца
Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гістарычных навук, краязнаўца
Юры Гардзееў, доктар гісторыі
Ігар Лапеха, краязнаўца, прафесійны экскурсавод
Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук