В какой кампании по защите общественых интересов Вы бы хотели принять участие?

суббота, 12 декабря 2009 г.

ПЫТАНЬНЕ АДМЕНЫ АРТЫКУЛА 193-1 ЗАСТАЕЦЦА АДКРЫТЫМ, КАНСТАТУЮЦЬ ПРАВААБАРОНЦЫ

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведаміла пра магчымасьць дэкрыміналізацыі артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу (у адказе на заяву юрыста-праваабаронцы з Берасьцейскай вобласьці Уладзміра Малея). Але прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці краіны адзначаюць, што перанос адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў з крымінальнага заканадаўства ў сфэру адміністратыўнага цалкам праблемы не вырашае.

Як падкрэслівае сябра ПЦ “Вясна” Валяньцін Стэфановіч, гэты крымінальны артыкул не адпавядае ня толькі Канстытуцыі, але і міжнародным прававым дакумэнтам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

- І Праваабарончы цэнтр “Вясна” і іншыя прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі лічылі і лічым, што артыкул 193-1 не адпавядае ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ні Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Што датычыцца пераносу яго ў адміністратыўную сфэру, то трэба адзначыць, што адміністратыўная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў таксама, на нашую думку, не вырашае пытаньня канчаткова. Забарона на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў павінна быць зьнятая ў прынцыпе. Паколькі наша Канстытуцыя дакладна фармулюе абмежаваньні ў ажыццяўленьні свабоды асацыяцыяў у Беларусі. Там напісана, што недапушчальная дзейнасьць арганізацыяў і палітычных партыяў, якія прапагандуюць гвалт, расавую, рэлігійную, сацыяльную варожасьць. Адпаведна, дзейнасьць толькі такіх арганізацыяў можа быць забароненая ў Беларусі, - кажа В.Стэфановіч.

Паведамленьне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў - гэта ўжо чацьверты афіцыйны адказ на пытаньне адносна адмены і дэкраміналізацыі артыкула 193-1. Упершыню пра разгляд пытаньня пра адмену 193-1 ці яго замену на адміністратыўную адказнасьць намесьнік міністра юстыцыі Тушынскі паведаміў сябрам зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “За вольную Беларусь” у адказе на іх зварот у міністэрства. Затым гэтая інфармацыя была агучаная прадстаўніком мінюсту Сьліжэўскім на канфэрэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэньні ў верасьні гэтага году. Пра магчымасьць адмены гэтага крымінальнага артыкула казала і першая намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч падчас сустрэчы з экспэртамі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы унівэрсальнага пэрыядычнага дакладу.

- Мы і надалей будзем уважліва сачыць за сытуацыяй і спадзяемся, што наступным крокам уладаў стане адмена адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у прынцыпе. І беларускія няўрадавыя арганізацыі, якія ў межах Асамблеі НДА зараз праводзяць кампанію “Стоп 193-1”, будуць змагацца да перамогі – калі гэты артыкул будзе адменены і выняты з дзеючага Крымінальнага кодэксу. Пакуль нічога ня чулі пра тое, што падрыхтаваны нейкі законапраект пра зьмены у Крымінальным кодэксе, адмену артыкула 193-1 і унясеньне адпаведных зьменаў у адміністратыўны кодэкс. Таму пакуль што пытаньне адмены гэтага артыкула застаецца адкрытым, - дадаў В.Стэфановіч.

Па зьвестках Асамблеі НДА, агулам за пэрыяд 2006-2009 гг. праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных па артыкуле 193-1 за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў. Апраўдальных прысудаў зафіксавана не было.

Комментариев нет:

Отправить комментарий