Гарадскія ўлады пачалі выганяць з гарадскіх вуліцаў веласіпедыстаў, прымушаючы іх ездзіць па тратуарах, дзе няма веласіпедных дарожак, а бардзюрыны маюць вышыню да 30-40 см.
Правілы дарожнага руху дакладна канстатуюць, што веласіпедыст павінен рухацца па дарозе на адлегласці 1 м. ад края дарогі, або ехаць па ўзбочыне пры яе наяўнасці. Раней (і гэтая зусім нармальная сітуацыя існавала дзесяцігоддзямі) пад словам «ўзбочына» разумеўся ўскраек дарогі па-за межамі горада, а ніяк не гарадскі тратуар. У горадзе кожны веласіпедыст сам для сябе выбіраў меру рызыкі ці рухацца яму па праезджай частцы (пры наяўнасці фараў, катафотаў, флікераў і іншых неабходных элементаў) ці ехаць па тратуары. Літаральна цягам апошняга тыдня гарадская міліцыя папярэдзіла ці аштрафавала на суму да паловы базавай велічыні некалькі дзесяткаў веласіпедыстаў. Галоўная падстава – рух па праезджай частцы пры наяўнасці тратуара.
Падобная ідыёцкая без перавелічэння матывацыя «парушэнняў» мала таго, што незаконная (міліцыянты проста пачалі па-новаму трактаваць пункт 148 правілаў дарожнага руху) дык яшчэ і далёка не бясспрэчная. У Гродне абсалютна адсутнічаюць дарожкі для веласіпедыстаў, няма адпаведнай разметкі на тратуарах (у адрозненне хоць бы ад суседніх польскіх ці літоўскіх гарадоў, дзе пабудаваныя дзесяткі кіламетраў веласіпедных дарог), а пешаходы зусім не прывучаныя правільна паводзіць сябе, калі бачаць веласіпедыста і часта кідаюцца проста на яго.
Улады, аднак, трактуюць па-свойму – галоўны бажок гарадскога кіраўніцтва – аўтамабіль і той, хто ў ім сядзіць. Пераўтварыўшы горад у глабальную транспартную развязку (і бадай што так і не вырашыўшы ніводнай важнай транспартнай праблемы) улады ў гэтым годзе ўжо не маюць грошай на будаўніцтва дарогаў, дык пачалі ганяцца за веласіпедыстамі. І гэта на фоне міжнароднага чэмпіяната па веласпорце, пастаяннага шызафрэнічнага крыку пра пераўтварэнне Беларусі ў «спартыўную дзяржаву», барацьбе за экалогію і развіццё альтэрнатыўных спосабаў паліва і транспарту. У Нямеччыне, Францыі ці Нідэрландах сотні тысяч людзей самага рознага ўзросту дабіраюцца да працы веласіпедам. Там няма праблемы ўбачыць джэнтльмена ў дзелавым касцюме, які едзе ў свой офіс, павесіўшы кейс на ручку ровара. Такая мода паступова прыходзіць і да нашых суседзяў. У нас усё наадварот. Шмат пустазвонных фразаў і нуль рэальных дзеянняў. Нуль дарожак для веласіпедыстаў, нуль установак для прымацавання веласіпедаў (ну не нуль, тры ці чатыры на ўвесь горад), нуль ініцыятывы з боку ўлады ў прапагандзе як мага большага пашырэння кола веласіпедыстаў-аматараў. Спосаб навядзення парадку ў нас адзін – паліцэйскія рэпрэсіі (у дадзеным выпадку праз забіранне ровараў, штрафы, папярэджанні, запужванні). Што ж, добра, застаецца толькі пажадаць падобнай актыўнасці нашым уладам у барацьбе са, скажам, паўсюдным «буханнем» на вуліцах. А можа распіванне паўтарачак піваса на Савецкай плошчы – гэта, насамрэч, новы від спорта, які Рэспубліка Беларусь прапануе зрабіць алімпійскім?
Комментариев нет:
Отправить комментарий